Связаться с нами

У тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі паступілі дакументы аб вылучэнні 18 996 грамадзян для рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў. Пра гэта БЕЛТА распавёў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка.

"На выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў вылучаны 18 996 кандыдатаў. З іх 871 вылучаны ў абласныя і Мінскі гарадскі, 6 927-у раённыя саветы. 773 чалавекі вылучаны ў гарадскія саветы дэпутатаў у гарадах абласнога падпарадкавання і 316 - у гарадскія саветы ў гарадах раённага падпарадкавання, 65 - у пасялковыя і 10 044 - у сельскія саветы дэпутатаў", - распавёў Ігар Карпенка.

Ён адзначыў, што ўсяго паступіла 20 834 камплекты дакументаў, так як грамадзяне могуць вылучацца некалькімі суб'ектамі адначасова. Грамадзянамі шляхам збору подпісаў было вылучана 11 012 чалавек, працоўнымі калектывамі - 4 897, палітычнымі партыямі - 4 925.

Так, Беларуская партыя "Белая Русь" вылучыла на будучыя выбары 3 687 кандыдатаў. Камуністычная партыя Беларусі вылучыла 609 чалавек. Яшчэ 209 кандыдатаў вылучыла Ліберальна-дэмакратычная партыя, і 420 - Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці.

У ліку вылучаных кандыдатаў, як распавёў старшыня Цэнтрвыбаркама, нямала жанчын-10 259. У перадвыбарчую гонку гатовыя ўступіць 788 грамадзян да 31 года. Таксама ў ліку тых, хто падаў дакументы на рэгістрацыю ў кандыдаты ў дэпутаты, значацца 22 чалавекі з расійскім грамадзянствам, якія пастаянна пражываюць у Беларусі.

Паводле інфармацыі ЦВК, грамадзяне, якія падалі дакументы, прадстаўляюць розныя прафесійныя сферы. Сярод іх ёсць прадстаўнікі навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту (6 381 чалавек), работнікі сельскай гаспадаркі (3 117 грамадзян), работнікі дзяржаўных органаў (2 894 чалавекі) і іншыя.

Працэдура рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты працягнецца да 30 студзеня. На наступны дзень, 31 студзеня, пачнецца перыяд агітацыі, які працягнецца да 24 лютага ўключна. 25 лютага адбудзецца адзіны дзень галасавання. Беларусы будуць выбіраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання і дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.

Крыніца: Упраўленне справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.